Літаратурна-краязнаўчы музей у статусе народнага

Ажыццявілася наша мара – музею прысвоены статус “Народны”.

Такой падзеі папярэднічала шматгадовая праца. Літаратурна-краязнаўчы музей імя Міхася Васілька быў адкрыты 17 лістапада 1992 года.

Ініцыятарам стварэння музея і яго нязменным кіраўніком з’яўляецца выкладчык, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь Алена Салей.

Накірунак работы музея – грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі. Галоўная задача – запаліць у сэрцах навучэнцаў і наведвальнікаў агеньчык любові да Радзімы, павагі да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, людзей працы.

За час існавання музея праведзена 1200 экскурсій, а ўсяго музей наведала 36 тысяч чалавек, сярод іх вучні і настаўнікі школ, студэнты, работнікі бібліятэк, розных прадпрыемстваў, госці Скідзеля. У музеi былі дэлегацыі з Расіі, Літвы, Польшчы, Германіі, Бельгіі, Галандыі, ЗША.

На сёння ў музеі захоўваецца 2352 экспанаты, з якіх 124 узяты на дзяржаўны ўлік.