25-летие литературно-краеведческого музея имени Михася Василька

1 снежня 2017 года наш літаратурна-краязнаўчы музей імя Міхася Васілька адзначыў свае 25-годдзе.

Кіраўнік музея  Алена Міхайлаўна Салей правяла экскурсію для гасцей, сярод якіх былі нашчадкі беларускага паэта – пляменніца Галіна Бараноўскага (у дзявоцтве Касцевіч) і дваюрадная пляменніца, паэтка Галіна Самойла. Падчас прагляду экспазіцый літаратурнага аддзела яны падзяліліся сваімі ўспамінамі пра славутага сваяка.

Пасля экскурсіі пачалося святочнае мерапрыемства ў актавай зале ліцэя.

Кіраўнік музея расказала аб гісторыі стварэння музея, яго развіцця і дзейнасці. Паведаміла, што за час існавання музея ў ім было правядзена звыш тысячы экскурсій для школьнікаў, студэнтаў, груп з розных арганізацый, гасцей горада, у тым ліку з Расіі, Літвы, Польшчы, Германіі, Галандыі, Бельгіі, ЗША. У 2017 годзе адбыўся Рэспубліканскі конкурс літаратурных музеяў. Наш музей заняў 1-ае месца ў вобласці і ў Рэспубліцы.

Запрошаная на сцэну Галіна Самойла прачытала тры вершы – уласны, сваёй маці Фаіны Самойла і брата Валянціны Самойлы, а напрыканцы падарыла музею кніжкі з сямейнага архіва. Цёплыя віншавальныя словы выказала Таццяна Савянкова, кіраўнік Мількаўшчынскага краязнаўчага музея на радзіме Элізы Ажэшкі. Яна папоўніла музей рэдкім экзэмплярам народнага адрыўнога календара. Тамара Мазур – рэкламнаы рэдактар горада Скідзеля, журналіст рэгіянальнай газеты “Перспектыва” прачытала свае вершы і перадала ад Гродзенскага ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” паэтычны зборнік нашых і польскіх паэтаў “Масты: Гродна – Варшава” .

Намеснік генеральнага дырэктара ААТ “Скідзельскі цукровы камбінат” Аляксандр Пазнанскі перадаў у фонд музея прафінансаванае цукраварамі шыкоўнае выданне Сяргея Токця і Мікалая Дзелянкоўскага “Скідзель і яго ваколіцы. Жывая гісторыя”.

А навучэнцы ліцэя і народны вакальны ансамбль ветэранаў працы “Сяброўкі” прадставілі ў якасці падарунка цудоўную канцэртную праграму.

Усім надоўга запомніцца гэты святочны дзень.

І ў памяці нашай застанецца ліцэйскага музея юбілей.

Фотогалерея